Летась кампанія працавала пры поўнай загрузцы, з канвеера сышлі больш за 2100 камбайнаў. Былі выкананы, а па шэрагу пазіцыяў перавыкананы, практычна ўсе паказчыкі бізнес-плана, у тым ліку павелічэнне абсягу вытворчасці і рэалізацыі, скарачэнне складскіх запасаў, дэбіторскай запазычанасці і матэрыяльных выдаткаў, зніжэнне імпартаёмістасці, а таксама энергаашчаджэнне.
– Пастаўкі на знешні рынак па ўсіх каналах павялічыліся на 30 адсоткаў. Сума экспарту склала 174 мільёны даляраў. А паступленне валютнага прыбытку – больш за 200 мільёнаў даляраў. Гэта, вядома, не азначае, што мы дасягнулі межаў сваіх магчымасцяў. Але задачы, пастаўленыя на дадзеным этапе, выкананыя. Акрамя таго, мы здолелі ўсталяваць добры зачын на бягучы год, - паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара Віктар Славашэвіч.
Сёння адгрузка гатовай тэхнікі працягваецца з колаў. Партфель замоваў, сфармаваны па заключаных кантрактах, забяспечыў абсяг працы па верасень уключна.
Высокі попыт на прадукцыю дазваляе ажыццяўляць збыт па стоадсоткавай перадаплаце. А гэта гарантаваны абсяг рэалізацыі і загрузкі цэхаў. Працягваецца мадэрнізацыя тэхнікі, якая вырабляецца. Вялікая надзея надаецца збожжаўборачным камбайнам GS2124. Гэта адна з найноўшых распрацовак, якая ўжо вырабляецца серыйна. Яе галоўныя перавагі - максімальная прадукцыйнасць і пашыраны апцыён. Тое, без чаго сёння нельга ўявіць сучасную тэхніку. А пра перспектывы на рынку сведчыць попыт, які расце. Калі раней GS2124 прадаваўся адзінкавымі экзэмплярамі, то ў 2021-м было рэалізавана звыш паўсотні адзінак. І гэта толькі пачатак.
Асноўным рынкам збыту для «Гомсельмаша» традыцыйна застаецца расійскі, на долю якога ў агульнай структуры экспарту прыпадае 67 адсоткаў. Таму спрыяе шэраг фактараў. З відавочных - геаграфічная блізкасць, адсутнасць дзяржаўных межаў, партнёрства ў рамках Мытнага саюза. Таксама адладжаная супраца з найбуйнейшым у Расіі аператарам аграпрамысловага рынку АТ «Расагралізінг», што дазваляе рэалізоўваць беларускую сельгастэхніку па лізінгавых схемах, якія прывабныя да пакупнікоў.
Істотную ролю маюць меры па падтрымцы экспарту з боку дзяржавы. Перш за ўсё ўказы Прэзідэнта № 466 «Аб некаторых мерах па рэалізацыі тавараў, вырабленых у Рэспубліцы Беларусь» і № 534 «Аб садзейніцтве развіццю экспарту тавараў (работ, паслуг)».
Зрэшты, у рамках дыверсіфікацыі ажыццяўляецца актыўная праца па выхадзе на новыя рынкі. Напрыклад, у рэгіёны Паўднёвай Афрыкі. Першыя партыі камбайнаў ужо адпраўленыя ў Зімбабвэ.
– Насуперак стэрэатыпам, Афрыка - досыць перспектыўны ў плане развіцця сельскай гаспадаркі рэгіён. Адпаведна, цікавы для нас рынак. Вядома, існуюць пэўныя нюансы. Аднак, падчас адгрузу тэхнікі па факце перадаплаты, мы нічым не рызыкуем. Безумоўна, гэта крок наперад, – адзначае Віктар Славашэвіч.
Асартыментны патэнцыял холдынгу «ГОМСЕЛЬМАШ» быў таксама прадстаўлены ў Малдове, Арменіі, Польшчы, Таджыкістане і нават Дубаі. Таксама на пачатку года была праведзена канферэнцыя, на якую з’ехаліся больш за 200 прадстаўнікоў дылерскіх цэнтраў і партнёраў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Малдовы, ААЭ і Грузіі. Партнёры аднадушна адзначылі паляпшэнне якасці тэхнікі пад брэндам GOMSELMASH і выказалі гатоўнасць надбаўляць абсяг рэалізацыі. Задача на будучыню - надбавіць вытворчыя магутнасці. Як мінімум да выпуску трох тысяч камбайнаў на год. Таму планы да канца 2022-га павялічыць абсяг экспарту на 20 адсоткаў - гэта не фантазія, а ўвогуле рэальная перспектыва.
– Вядома ж, нам даводзіцца пераглядаць і карэктаваць дзеючыя схемы, мяняць нейкія падыходы. Увогуле, прыстасоўвацца да працы ў новых умовах. Гэта нармальны бягучы працэс. Сёння мы бачым, куды і якую тэхніку рэалізоўваць, займаемся тэхнічным пераўзбраеннем, прасоўваннем шэрагу інвестпраектаў. А шляхі вырашэння праблем абавязкова будуць знойдзеныя. Мы рабілі гэта не аднойчы і працягваем рухацца наперад, – адзначае Віктар Славашэвіч.
Паводле матэрыялаў газеты «РЭСПУБЛІКА» sb.by.